Трагедыя Полацка

    Мы в Гугл+ Раздел: Новости региона Дата публикации: 6-03-2013, 19:19

    Трагедыя ПолацкаУ лютым споўнілася 450 год як адбылася адна з самых спусташальных бітваў у гісторыі Полацка. 15 лютага 1563 г. пасля двухтыднёвай аблогі Полацк быў захоплены маскоўскім князем Іванам Грозным.
    Да ваеннай кампаніі на захад  
        Іван IV пачаў рыхтавацца загаддзя. Была павялічана колькасць і палепшына спраўнасць узброенных сілаў маскоўскай дзяржавы. З першых дзесяцігоддзяў ХVI ст. у рускай арміі з’явілася ўзброеная агнястрэльнай зброяй пяхота. Маскоўская конніца была дапоўнена вольнымі казакамі і татарамі. Даволі значны прагрэсс адбыўся ў развіцці артылерыі, якая стала выкарыстоўваць вопыт замежных спецыялістаў. У ХVI ст. артылерыя была вылучана ў самастойны род войскаў, у склад якога ўваходзіла вялікая колькасць службовых людзей. У 1550 г. Іван Грозны аддаў загад аб утварэнні рэгулярнага стралецкага войска, якое стала найбольш каштоўным фарміраваннем рускай арміі.
    Змены ў вайсковай справе ў ХVI ст. закранулі і літоўскую армію. Так, конніца была апранута ў ахоўныя даспехі і ўзброена агнястрэльнай зброяй. Яшчэ пры Жыгімонце Аўгусце была створана добрая артылерыя, у склад якой уваходзілі інжынерныя войскі. Малаколькаснай заставалася толькі пяхота, што было сур’ёзным недахопам польска-літоўскай арміі. Вялікая роля падчас вайны адводзілася паспалітаму рушанню. Пачынаючы з 1566 г., кожных дзесяць двароў павінны былі выставіць аднаго цалкам узброеннага конніка. Немалая роля адводзілася і наёмнаму войску, якое фармавалі  за падаткі, зацверджаныя менавіта з гэтай мэтай. Галоўнакамандуючым усіх узброенных сілаў у дзяржаве быў кароль, які карыстаўся дапамогай гетманаў.
    Такім чынам, маскоўскае войка ў ХVI ст. было больш мабільным, лепей падрыхтаваным да актыўных ваенных дзеянняў.
     Яшчэ ў канцы ХV ст. Вялікае княства Маскоўскае распачало палітыку “збірання зямель рускіх”. Свой позірк маскоўскія князі накіравалі на захад, на землі Вялікага Княства Літоўскага, тэрыторыя якого сягала да Верхняй Акі і Масквы. Спачатку была парушана дамова 1449 г., потым — 1492 г. Маскоўскія войскі занялі вялізныя тэрыторыі, раней падпарадкаваныя ВКЛ. Літва страціла трэцюю частку сваіх уладанняў, а гарады Смаленск, Віцебск і Полацк апынуліся на мяжы з варожа настроенымі суседзямі. На перамовах у 1517-1518 гг. Іван ІІІ акрэсліў Віцебск і Полацк як спадчыну сваіх продкаў і нават запатрабаваў у ліцвінаў Кіеў. Пасля смерці рускага князя ВКЛ вярнула невялікі кавалак сваёй тэрыторыі, але наперадзе літоўскую дзяржаву  чакалі яшчэ большыя страты.
    Пасля захопу Казані маскоўскі князь Іван IV, якога спачатку не лічылі дальнабачным палітыкам і ўмелым вайскоўцам, звярнуў сваю ўвагу на поўнач, дзе маскоўскія межы зыходзіся з Лівоніяй. Перад самым нападкам Масквы яна перажывала палітычны крызіс і вымушана была шукаць падтрымкі ў суседзяў, падпісаўшы дамову з Літвой. У 1558-1559 гг. Іван Грозны актывізаваў ваенныя дзеянні супраць Лівоніі,  здзейсніўшы першыя паспяховыя паходы. Пасля гэтага пад пагрозай захопу апынуліся не толькі землі Лівоніі, але і Вялікага Княства Літоўскага.
    У пачатку 1563 г. Іван Грозны сканцэнтраваў у Вялікіх Луках амаль 32 тысячы жаўнераў, якіх падтрымлівала магутная артылерыя. З Вялікіх Лук маскоўскі князь павёў войска ў бок нашага горада.
    У той час Полацк быў адным з буйнейшых гарадоў Вялікага Княтства Літоўскага. Ён славіўся сваімі багатымі манастырамі і цэрквамі. Выгаднае геаграфічнае стновішча на Дзвіне забяспечвала полацкім купцам актыўныя гандлёвыя сувязі з Лівоніяй. Гандаль з суседзямі паўплываў на развіццё мясцовых рамёстваў і пашырэнне тэрыторыі горада. Полацк складаўся з некалькіх раёнаў, галоўным з якіх быў Замак, які месціўся на ўзвышшы. Ён быў умацаваны драўляна-землянымі канструкцыямі з 204 гародняў і 9 драўляных вежаў. Унутраныя сцены гародні складаліся з пяці слаёў сасновых бярвенняў, меліся баявыя пляцоўкі наверсе і байніцы. Паводле Рэвізіі 1552 г. у полацкім Замку знаходзілася 23 гарматы, 4 марціры і 87 гакаўніц. Полацкі ваявода Станіслаў Давойна не скардзіўся на недахоп войска і зброі, непакой выклікалі толькі запасы харчоў, якіх магло не хапіць для бежанцаў з навакольных вёсак у выпадку аблогі.
    Хуткае з’яўленне маскоўскага войска пад Полацкам 31 студзеня 1563 г. стала для палачан нечаканым. Іван Грозны, каб прадэманстраваць сваю сілу, расставіў вакол горада сваё шматтысячнае войска і загадаў дзьмуць у трубы і біць у барабаны. Але на палачан гэта чаканага ўражання не аказала. Полацкі ваявода загадаў падпаліць навакольныя слабоды, а абаронцам схавацца за ўмацаваннямі Замка, Вялікага пасаду і Іванаўскага астрога на востраве. Гэта было стратэгічнай памылкай палачан. Маскоўскае войска ў хуткім часе акружыла горад з усіх бакоў. Большая частка людзей і гармат была размешчана на поўначы і на ўсходзе горада. Супраць Івана Грознага акрамя палачан павінна было выступіць і польска-літоўскае войска на чале з гетманам Мікалаем Радзілам, які здолеў сабраць толькі тры з паловай  тысячы вершнікаў. Але з такімі сіламі супрастаяць маскоўскаму войску было немагчыма.
    Чарговай памылкай С. Давойны стала здача Івану IV Вялікага пасаду. Больш за 11 тысяч мужчын, жанчын і дзяцей, якія не змаглі размясціцца ў Замку, вымушаны былі здацца. Пасля гэтага маскоўскія камандзіры аддалі загад прыгянуць цяжкія гарматы пад самыя сцены Замка. 10 лютага адбыўся забойны абстрэл цэнтральнай часткі горада. Ядры адрывалі бярвенні ад валоў, шчыльны абстрэл з пішчаляў не дазваляў абаронцам высунуцца з-за ўмацаванняў. Падцягнуўшы ноччу яшчэ дзесяткі цяжкіх гармат, маскоўскае войска пачало бесперапынны абстрэл валоў Замка, падчас якога загінула шмат палачан. Іван Грозны рыхтаваўся да генеральнага штурму, але полацкі ваявода прыняў рашэнне аб капітуляцыі. Некаторыя польскія роты разам з прадстаўнікамі полацкай шляхты не падтрымалі рашэнне Давойны і рыхтаваліся працягнуць супрацьстаўленне. Але ім гэтага зрабіць не ўдалося. Іван IV прыняў нечаканае для ўсіх рашэнне: ён запрасіў чатырох польскіх ротмістраў да сябе ў госці, а потым дараваў ім свабоду. У выніку палякі былі адпушчаны з Полацка са сваімі скарбамі. Па-іншаму склаўся лёс ліцвінаў. Татары маскоўскага князя жорстка расправіліся з манахамі –бернардзінцамі.  Яўрэяў, якія не адракліся ад сваёй веры, жаўнеры патапілі ў Заходняй Дзвіне.
    Такім чынам, пасля двухтыднёвах баёў Полацк трапіў у рукі маскоўскага князя. Іван IV страціў толькі каля 100 забітых. У рукі перможцаў перайшло 20 гармат, увесьарсенал, царкоўныя скарбы і сабраныя каштоўнасці полацкай шляхты. 15 лютага ў Замак увашлі царскія ваяводы, а сам цар прысутнічаў на службе ў Сафійскім саборы 18 лютага 1563 г. Праз некалькі дзён ён пакінуў Полацк, аддаўшы загады наконт адбудовы і арганізацыі абароны горада.
    На спаленых тэрыторыях Вялікага пасаду маскоўкія ваяводы вырашылі горад не ўзнаўляць. Невялікая частка была знята пад новы Замак, які павінен быў служыць абаронай старому Замку на ўзвышшы. Цар забяспечыў новы замак адпаведнай колькасцю абаронцаў, у склад якіх увайшлі “баярскія дзеці” і стральцы. Згодна з новымі адміністрацыйнымі пераутваэннямі былі выбраны сотнікі і гараднічыя, вызначана сістэма вартавання. Новы Замак атрымаў назву Стралецкі. Мяшчанам Полацка дазволілі жыць толькі на тэрыторыі Запалоцця. Заўважаных у выказванні сімпатый да караля жыхароў мясцовых вёсак і мястэчак забівалі. Яшчэ горшым быў лёс палонных у маскоўскай няволі. Дзесяткі нявольнікаў гінулі ў турмах, іх прадавалі і дарылі. Ваявода Давойна быў абменялі на маскоўскага ваяводу Чэмкіна толькі праз 4 гады, а яго жонка так і памерла ў няволі. Голад, разбурэнні і некалькі эпідэмій прывялі Полацк да заняпаду. З найвялікшага гандлёвага і рамеснага цэнтра Вялікага Княства Літоўскага ён стаў невялікай памежнай маскоўскай крэпасцю.

    Читайте нас в:





    Загрузка...
    Загрузка...
Загрузка...
Рунет
Рунет
Индекс цитирования
POLOTSK-PORTAL.RU
  • Обратная связь